Інфармацыя
з Горак (па рэгіёну)
Хлявы
на могілках
10 красавіка ля помніку "Смуткуючай маці" палыхнула
вогнішча. Менавіта тут у гады Вялікай Айчыннай вайны немцы расстралялі
некалькі тысячаў чалавек. Гэта самыя вялікія брацкія могілкі,
на якіх да гэтага часу стаялі... хлявы.
Гарэлі якраз тыя будынкі, лёс якіх вырашаецца прыкладна з 1994
году. Не адзін раз райвыканкам выносіў рашэньне аб ліквідацыі
гэтага гарадка-куратніка. Гаспадары хлявоў кожны раз выступалі
супраць, нават кладучыся пад бульдозэр. А потым маленькія будынкі
пачалі загарацца. Прычым, усе ведалі, што гэта не былі выпадковыя
пажары. Нехта манатонна, штораз падносіў запалку да хлявоў, аддаючы
агню не толькі самі будынкі, але й жывёлу, якая знаходзілася ў
іх.
Да гэтага выпадку намесьнік начальніка ўпраўленьня ЖКХ райвыканкама
С.М.Кольчанка абяцаў прыняць рашучыя меры. Аж да пагрозы пусьціць
на хлеўчукі бульдозэр, калі яны ня будуць зьнесеныя ў тэрмін да
1 траўня ў дабраахвотным парадку.
Пад час здарэньня 10 красавіка, на вачох некаторых людзей былі
сьлёзы: да кантрольнага тэрміну, устаноўленага Горацкімі ўладамі,
застаўся ўсяго тыдзень. Фактам падпалу, бачна па ўсім, займацца
ніхто ня будзе.
З
кожным годам колькасьць няпоўных сем'яў у Горацкім раёне расьце.
Толькі сёлета 46 жанчынаў нарадзілі дзіця бяз мужа.
Бібліятэка
дажыла да платных паслугаў
Чатыры гады Горацкая раённая бібліятэка "адбівалася"
ад патрабаваньняў абласнога начальства пачаць зарабляць грошы,
але здалася.
З 8 красавіка яна ўпершыню "парадвала" сваіх чытачоў
платнымі паслугамі. Для пачатку ўстаноўлены плян на 500 тыс. рублёў,
якія бібліятэка зьбіраецца пусьціць на набыцьцё новых кнігаў.
Выдача кнігаў, часопісаў, газэтаў, і кружэлак з чытальнай залі
каштуе 248 рублёў. Пошук інфармацыі па кампутары - 605 рублёў
за гадзіну. Раздрукоўка на прынтары - 202 рублі. Выраб чытальнага
фармуляру - 300 рублёў. Літаратура павышанага попыту з камэрцыйнага
абанэмэнта - 54 рублі. За несваечасовы зварот яе - пеня ў памеры
10 рублёў за суткі.
Супрацоўнікі бібліятэкі склаліся па 3-5 тысячаў з сваёй кішэні
і закупілі пятнаццаць кнігаў, якія карыстаюцца папулярнасьцю ў
чытачоў, заклаўшы аснову камэрцыйнага абанэмэнту. Але для пэнсыянэраў,
інвалідаў і чытачоў, якія прынялі ўдзел ў акцыі "Набудзь
і прэзэнтуй кнігу бібліятэцы", існуе магчымасьць ўзяць бясплатна
для чытаньня толькі 2 кнігі на месяц з гэтага абанэнта.
За
мінулы год на тэрыторыі раёна і горада Горак было сканфіскавана:
гэраіну - 0,17 г, ацэтылераванага опію ў пераліку на сухое рэчыва
каля 6 г, экстарацыённага опію больш за 46 кг, болей за 70 г марыхуаны.
За гэты ж пэрыяд было складзена 111 адміністратыўных пратаколаў
за незаконное вырошчваньне мака і канаплі. У гэтым годзе ўжо зарэгістравана
12 выпадкаў захаваньня і продажу гэтых культураў.
Калі у мінулым годзе на ўліку за вырошчваньне наркатычных культураў
стаяла 9 чалавекаў, дык зараз - 23.
Скажы дзецям - "ТАК!"
14 красавіка ў Горках скончылася дабрачынная ацыя "Скажы
дзецям - ТАК!", якая праводзілася па ініцыятыве жанчынаў
"Любавы". У гэты дзень прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў
і журналісты мясцовых газэтаў наведалі Cтарасельскую школу-інтэрнат
з мэтаю перадаць сабраныя рэчы сацыяльным сіротам.
Для ўсіх прысутных было вельмі прыемнай падзеяй выступленьне маленькіх
дзетак, якія рыхтаваліся да прыезду Горацкіх актывістаў і зрабілі
невялікі, але вельмі цікавы канцэрт. Госьці, каб аддзячыць маленькія
дараваньні, правялі для іх шмат гульняў і конкурсаў.
Дзеткі атрымалі ў падарункі абутак, вопратку, цацкі і новы нумар
дзіцячай газэткі "Несьцерка".
Сэмінар
13-14 красавіка на базе Горацкага інфармацыйнага цэнтру прайшоў
сэмінар для актывістаў мясцовых ГА "Роля мясцовых групаў
і інтарэсаў у артыкуляцыі і эфэктыўным прадстаўленьні набытых
патрэбаў мясцовых супольнасьцяў". Арганізоўвалі мерапрыемства
трэнэры фундацыі САР Ігар Шары і Міхал Шлык.
Першы
кольны стол
15 красавіка Горацкая ініцыятыва "Любава" і Горацкі
грамадскі клуб правялі першы кольны стол для жанчын горада пад
назвай "Жаночыя пытаньні: аб чым баліць у нашых суайчыньніц".
На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўніцы грамадзкіх арганізацый
і ініцыятыў горада, райвыканкаму, аховы здароўя.
На кольным стале адбыліся абмен вопытам паміж прадстаўнікамі жанчын,
працуючых у дзяржаўных структурах і жанчын НДА, пастаноўка і планаваньне
вырашэньня праблем. Самыя вострыя праблемы, якія вылучылі ўдзельніцы
кольнага стала, будуць абмяркоўвацца на чарговым паседжаньні грамадзкага
клюбу.
Прэс-клюб
16 красавіка ў Горацкім райвыканкаме прайшло чарговае паседжаньне
прэс-клюбу.
На мерапрыемстве абмяркоўваўся ўдзел НДА, СМІ, вучэбных установаў
і ворганаў улады ў правядзеньні Вясновага тыдня дабрыні. Удзельнікі
прэс-клюбу пацьвердзілі свой удзел і ўнесьлі дадаткі ў графік
мерапрыемстваў. Кожны прадстаўнік Горацкага СМІ атрымаў прэс-рэліз
тыдня дабрыні ў нашым горадзе.
Жаночая ініцыятыва "Любава" распавяла прадстаўнікам
СМІ аб правядзеньні дабраахвотнай акцыі "Скажы дзецям - ТАК"
і першага кольнага стала для жанчынаў гораду "Жаночыя пытаньні:
пра што баліць у нашых суайчыньніцаў".
Гасьцямі паседжаньня сталі Нікіта Лабанок - каардынатар праграм
Inter news і Зьміцер Станюта - рэдактар інфармацыйнага бюлетэня
"Новы рэсурс".
"Вясновы
тыдзень дабрыні"
Горацкія грамадзкія арганізацыі і ініцыятывы пры падтрымцы Міжнароднай
дабрачыннай арганізацыі "Надзея-Экспрэс", яе валанцёрскага
цэнтру "Крок насустрач" і Міністэрства адукацыі РБ выступілі
зь ініцыятывай правядзеньня па Горках ў пэрыяд з 22 па 28 красавіка
дабрачыннай акцыі "Вясновы тыдзень дабра".
Каардынатарам гэтага мерапрыемства стала Горацкая суполка РГА
"Грамадзянскі форум".
Горацкая праграма "Вясновага тыдня дабрыні" складае
асобныя мерапрыемствы і акцыі, што будуць праведзеныя ў нашым
горадзе. Іх удзельнікамі стануць вучні сярэдніх школаў, навучэнцы
Горацкай пэдагагічнай вучэльні (п. Леніна), студэнты БДСГА, спэцыялісты
(мэдыкі, псыхолягі, выкладчыкі, настаўнікі і іншыя), працаўнікі
дзяржаўных структураў, прадпрымальнікі, супрацоўнікі і валянтэры
дзіцячых, моладзевых і іншых грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў
Горацкага раёну.
На гэты момант на правядзеньне акцыяў у Вясновым тыдні дабрыні
пададзена 14 заяваў, 10 зь якіх - ад грамадзкіх арганізацыяў,
4 - ад прыватных асобаў.